Реклама



Актуально

Полезная информация

Погода



Актуально



2 снежня ў хрысціян-католікаў пачаўся Адвэнт

03.12.2012


"Адвэнт" у перакладзе з латыні азначае "прыйсце". У часы Старажытнага Рыму Адвэнтам называлі ўрачысты ўваход імператара ў Рым, а таксама цырымоніі наведвання імператарам святыні ў дзяржаўныя святы. У каталіцкай традыцыі Адвэнт набыў больш глыбокі сэнс. Адвэнт - гэта час  радаснага чакання сустрэчы з Панам і час падрыхтоўкі верніка да самай галоўнай у яго жыцці сустрэчы. Касцел у час Адвэнту пабуджае вернікаў пазбавіцца гулкіх забаў і больш часу прысвяціць размове з Богам, паглыбіцца ў малітве, паразважаць над таямніцай Уцелаўлення Сына Божага. Таму Адвэнт разглядаецца як час узмоцненага пакаяння: вернікам рэкамендуецца прыступаць да таінства споведзі, духавенства на час імшы апранаецца ў фіялетавае адзенне, як знак пакаяння.

Адной з вядомых традыцый Адвэнту з'яўляецца так званы "Вянок Адвэнту". Адвэнтавы вянок мае глыбокую сімволіку. Ён выконваецца з зялёных яловых ці піхтавых галінак у форме круга, на якім размяшчаюць чатыры свечкі — сімвал чатырох нядзеляў Адвэнту. Запальванне свечак азначае чуванне і гатоўнасць да прыходу Хрыста.

Першая свечка сімвалізуе тое, што Бог прабачыў Адаму і Еве іх непаслухмянасць Творцы. Свечка, запаленая ў другую нядзелю Адвэнту, сімвалізуе веру патрыярхаў ізраільскага народу, як удзячнасць за дар — Абяцаную Зямлю. Трэцяя свечка адносіцца да радасці караля Давіда, які цэлебруе саюз з Богам. Апошняя — сімвал навучання прарокаў, якія абвяшчалі прыход Месіі.

Святло свечак у вянку азначае надзею, а яго зеляніна — працяг жыцця. Форма круга сімвалізуе вечнасць, якая не мае пачатку і канца. Цалкам адвэнтавы вянок — гэта сімвал Божага люду, які чакае ў радасці і любові прыход Збаўцы ў свет.

Завяршаецца Адвэнт святочнай вегіліяй Божага Нараджэння. Дарэчы, у каталіцкім касцеле Адвэнт - гэта яшчэ і пачатак новага літургічнага года.



Назад ко всем новостям