Реклама



Актуально

Полезная информация

Погода



Актуально



Звязаныя лёсам з Сапегамі

27.10.2017


 Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей цесна супрацоўнічае з музеямі нашай краіны, што прыносіць станоўчыя вынікі.  На гэты раз па ініцыятыве яго кіраўніцтва была арганізавана навукова-практычная канферэнцыя і наладжана сустрэча з супрацоўнікамі дзяржаўнай установы культуры “Ружанскі  палацавы комплекс Сапегаў”. Адбыўся абмен вопытам двух зацікаўленых бакоў па тэме “Гарады, звязаныя лёсам з Сапегамі”, а прымеркавана было мерапрыемства да 540-гадовага юбілею г. Бярозы.

Навуковымі супрацоўнікамі з Ружан былі зроблены цікавыя даклады аб гісторыі стварэння, кірунках дзейснасці і дасягненнях іх  музея. Асноўная ўвага была ўдзелена роду Сапегаў, іх сямейнай дынастыі, а таксама галоўнай рэзідэнцыі ў Ружанах. Прамоўцы дэманстравалі здымкі палацавага комплексу, расказвалі, як ушаноўваецца памяць гэтага выдатнага роду, як выкарыстоўваюцца цудоўныя архітэктурныя збудаванні ў наш час.

Ружаны як мястэчка маюць сваю багатую гісторыю. Тут шмат культавых пабудоў.  Выдатна, што ў апошнія часы многа робіцца, каб прыдаць ім першапачатковы выгляд, каб захаваць цікавую гісторыю нашчадкам. 

У сваю чаргу супрацоўнікі Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея выступілі з грунтоўнымі дакладамі аб мінулым, сённяшнім дні і будучым сваёй установы. Падзяліліся бліжэйшымі планамі і задумкамі новых праектаў. Галоўная ўвага была ўдзелена таксама дзейнасці Сапегаў, якія пакінулі значны след і на бярозаўскай зямлі. Менавіта дзякуючы ім пачала расці значнасць і вядомасць мястэчка. Яшчэ канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега марыў запрасіць на нашы землі манахаў-картузаў. Яго мару здзейсніў сын Казімір Сапега, які стаў фундатарам будаўніцтва манастыра ў Бярозе. Таму назва аднаго з дакладаў гучала так: “Картэзіянскі манастыр. Уклад яго ў развіццё Бярозы-Картузскай”. Была праведзена таксама прэзентацыя новага праекта “Віртуальны музей “Бярозаўскі картэзіянскі манастыр. Гісторыя заснавання і дзейнасці”, які адзначаны дыпломам рэспубліканскага форума “Музеі Беларусі”. Прысутныя з цікавасцю слухалі і глядзелі відэаматэрыялы “Візітоўка Бярозаўшчыны: аб,екты адпачынку і вольнага часу” і даведаліся шмат цікавага аб родным краі. Да гонару супрацоўнікаў Бярозаўскага музея, хочацца падкрэсліць іх дасведчанасць, глыбокае пранікненне ў матэрыял, а галоўнае, улюбёнасць у справу, якой яны служаць. 

Канферэнцыя прайшла цікава і пазнавальна, нездарма і пытанняў па дакладах было шмат. Госці з Ружан не толькі ўзбагаціліся фактамі з жыцця вялікага і знатнага роду Сапегаў у Бярозе-Картузскай, але і наведалі Галерэю мастацтваў, з цікавасцю пазнаёміліся з экспанатамі гісторыка-краязнаўчага музея.

Канферэнцыя паказала, што супрацоўнікамі абодвух музеяў многа робіцца, каб пакінуць нашчадкам нашу багатую гісторыю, дачыненне да стварэння якой рабілі такія выдатныя асобы, як Сапегі. Пра нас яны клапаціліся, для нас стараліся захаваць Айчыну, гістарычную спадчыну, культуру і мову. Застаецца толькі глыбей зразумець і ацаніць іх вялікі ўклад у росквіт нашага краю. 

 

Галіна ХАЛІМОНЧЫК

 


Назад ко всем новостям