Реклама



Актуально

Полезная информация

Погода



Актуально



Спякота…

16.07.2010


Спякота цяжэй за ўсё пераносіцца ў горадзе: загазаванасць, распалены асфальт, гарачая цагліна, адсутнасць вадаёмаў і свабоднага доступу паветра ствараюць сапраўдную духавую печ. Такія ўмовы асабліва некамфортныя для людзей, якія пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў. Аднак спякота правярае на трываласць нават тых, хто прывык лічыць сябе дужым і здаровым.

Медыкі раяць нават першую дапамогу аказваць з асцярожнасцю: вядома, што ў розных выпадках адно і тое ж быццам бы бязвіннае лякарства можа выратаваць, а можа і забіць...

Асцярожнымі трэба быць з нітрагліцэрынай. Яна валодае добрым сасудапашыральным дзеяннем, але пры кровазліцці ў мозг, павышаным унутрычарапным ціску і вострым інфаркце міякарда яна, наадварот, супрацьпаказана. А ў экстрэмальнай сітуацыі непрафесіяналу цяжка зразумець, чаму менавіта чалавек страціў прытомнасць, чаму яму стала дрэнна. І прымяніўшы, такім чынам, непаказаны пры гэтым захворванні сродак, можна вельмі моцна нашкодзіць, калі не забіць чалавека.

Спецыялісты раяць заўсёды ў спякоту мець з сабой "аптэчку першай дапамогі", куды ўваходзілі б бутэлечка з пітной вадой без газу, валакардзін, звычайны аспірын.

Гэтыя сродкі эфектыўныя і бяспечныя, асабліва пры аказанні першай дапамогі непрафесіяналамі. Калі невядома, чаму чалавеку стала дрэнна, то да прыезду "хуткай" пажадана як мага хутчэй аднесці яго ў цень і максімальна абліць халоднай вадой. Хай гэта будзе вада з-пад крана, або душ, або проста вада з бутэлькі: галоўнае — астудзіць. Калі чалавек пры памяці, можна накапаць валакардзіну або даць таблетку аспірыну, толькі яе трэба запіць вялікай колькасцю вады. Астатнюю дапамогу павінны аказваць ужо медыкі.

Калі вядома, што ў чалавека, як прынята гаварыць, "ціск", то перш за ўсё яго трэба паспрабаваць вымераць, каб вызначыцца з наступнымі дзеяннямі. Акрамя таго, такія хворыя заўсёды павінны мець пры сабе сасудапашыральныя і мачагонныя сродкі, якія зніжаюць ціск. Толькі захапляцца імі не варта: можна адразу так рэзка знізіць ціск, што гэта дрэнна закончыцца.

Калі раптам у грамадскім транспарце, на вуліцы, на пляжы чалавеку стала дрэнна і прычына невядомая, то неабходна распачаць простыя і бяспечныя меры першай дапамогі.

Памятайце, што галоўнае правіла — не нашкодзь! Хутчэй за ўсё, з выгляду здаровы малады або сярэдніх гадоў чалавек "проста так" не самлее, таму першай прычынай можа быць цеплавы або сонечны ўдар. Да прыезду медыкаў варта расшпіліць або зняць адзенне, асабліва калі яно сінтэтычнае. Асноўныя прыкметы цеплавога ўдару: шум у вушах, слабасць, галавакружэнне, млоснасць, галаўны боль, могуць быць ваніты. Пры гэтым назіраецца частае "кароткае" дыханне, можа быць насавы крывацёк, страта прытомнасці. У такой сітуацыі пацярпелага неабходна хутка перанесці ў халаднаватае памяшканне або ў цень, пакласці на спіну, падкласці пад галаву падушку. Пры насавым крывацёку галаву не трэба адкідваць назад — наадварот, варта злёгку нахіліць наперад, а на пераноссе пакласці што-небудзь халоднае. Пры неабходнасці (калі дыханне слабое або яно ледзь чуваць) трэба рабіць штучнае дыханне, а пры слабым пульсе — закрыты масаж сэрца. Калі чалавеку стане лепш, можна даць выпіць негарачай моцнай гарбаты або крыху падсоленай вады.

У пацярпелых ад сонечнага ўдару сімптомы аналагічныя, толькі да іх яшчэ могуць далучыцца апёкі ад сонца. Трэба максімальна, як мінімум на працягу 10—15 хвілін, паліваць апечаныя месцы халоднай вадой, а вось мазаць не рэкамендуецца, асабліва крэмам, алеем або іншым тлушчам — яны ствараюць над апёкам дадатковы цеплавы кампрэс, у выніку апёк узмацняецца. Пантэнол і іншыя сродкі, якія аднаўляюць скуру пасля апёкаў, падыходзяць не адразу, а толькі пасля добрага ахаладжэння пашкоджанай скуры.

Як перажыць спякоту

Важны складнік бяспечных паводзінаў у спякоту — мінімум знаходжання пад прамымі сонечнымі промнямі. Сонцапёк уздзейнічае на імунную сістэму і аслабляе арганізм.

Банальная, але па-ранейшаму дзейсная парада — піць як мага больш вады, гэта значыць, мінімум — 2—2,5 літра ў дзень. Асабліва гэта актуальна для людзей, якія ў спякотны час знаходзяцца на вуліцы і актыўна рухаюцца.

Аддаць перавагу лепш падсоленай або падкісленай вадкасці: у паўлітра вады дадаць солі на кончыку нажа, чайную лыжку лімоннага соку або сталовую лыжку сухога белага віна. Падыдуць і морсы, і сокі, і

мінералка са шчолачным складам. Звычайную ваду таксама можна замяніць агароднінай і садавіной, напрыклад, агуркамі, памідорамі, кавуном.

Не варта заставацца на сонцы людзям, у якіх праблемы з ціскам, якія пакутуюць ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці, вегета-сасудзістай дыстаніі. Людзям за 50 лепш выходзіць на вуліцу раніцай або вечарам, а не ў самую спякоту ўдзень. Тым, хто працуе, напрыклад, на дачы, лепш не рабіць гэтага хоць бы з 11 да 16 гадзін.

Калі ж вы вымушаныя хадзіць па горадзе, пастарайцеся выбіраць зацененыя месцы і абавязкова насіце галаўны ўбор або парасон. У крайнім выпадку — намачыце хусцінку і наматайце яе на галаву. Галоўнае — прасачыце, каб не было моцных скразнякоў, інакш можаце прастудзіцца.
По матэрыялам газеты "Звязда"



Назад ко всем новостям