Реклама



Актуально

Полезная информация

Погода



Актуально



Каб убачылі нашчадкі

13.12.2010


Апошнім часам на старонках мясцовых і рэспубліканскіх выданняў усё часцей можна сустрэць матэрыялы, прысвечаныя тэме спадчыны. І гэта невыпадкова: стан матэрыяльных помнікаў гісторыі і культуры паступова пагаршаецца, калі не займацца іх аднаўленнем альбо захаваннем. Некаторыя з іх паступова знікаюць, раствараюцца ў рацэ часу.

Рэшткі былога кляштара картузаў у г. Бярозе – помнік архітэктуры ХVII ст., якому нада-дзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь з прысваеннем катэгорыі каштоўнасці “2”, што гаворыць аб унікальнасці і значнасці гэтага аб’екта. Кляштарны ансамбль мог бы стаць візітоўкай не толькі невялічкага раённага цэнтра, але ж і адным з прываблівых турыстычных аб’ектаў вобласці, разам з Косаўскім і Ружанскім палацамі. Мог бы, калі б удалося аднавіць хаця б не ўвесь ансамбль, а тыя рэшткі, якія яшчэ можна “вырваць” з акоў няўмольнага часу. Узрост унікальнага аб’екта спадчыны і тыя выпрабаванні, якія выпалі на яго лёс, не дазваляюць далей маруднічаць. Патрэбна дзейнічаць і дзейнічаць хутка.

Пачатак ёсць. У 2006 – 2007 гг. выканана праектная дакументацыя на рэстаўрацыю ўязной брамы кляштара. Аднак рэстаўрацыйныя работы пачаліся толькі ў 2009 г. – узніклі цяжкасці з пошукам падрадчыка. За 2009 – 2010 гг. выкананы работы па ўмацаванні і гідраізаляцыі фундаментаў, расчыстка цаглянай кладкі сцен сярэдняй трываласці, апрацоўка ўцалелых сцен спецыяльнымі сродкамі з мэтай прадухілення іх далейшага разбурэння, аднаўленне сцен з выкарыстаннем цэглы, вырабленай па спецыяльнай тэхналогіі і па складу і якасцям прыбліжанай да арыгінальнага матэрыялу кляштарнага комплексу. На чарзе – узвядзенне страчаных зводаў брамы і паддашкавага перакрыцця.

У нядаўні час з’явілася надзея, што сітуацыя вакол рэстаўрацыі рэшткаў кляштара картузіянцаў зменіцца ў станоўчы бок. Унікальны аб’ект спадчыны Бярозаўскага раёна разам яшчэ з 33-ма аб’ектамі на тэрыторыі рэспублікі ўключаны ў Дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2011 – 2015 гг. Фінансаванне ў рамках гэтай праграмы прадугледжвае прыцягненне сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Хочацца спадзявацца, што дзякуючы Дзяржпраграме мы здолеем завяршыць рэстаўрацыю брамы і правесці кансервацыю будынка шпіталю, выканаць кансервацыю званіцы, вуглавых вежаў, а таксама левага і правага флігеляў, прылягаючых да брамы. Магчыма, праз дзесяткі гадоў мы зможам не толькі расказаць нашым нашчадкам аб гісторыі стварэння і існавання выдатнага помніка архітэктуры, пра славутага Казіміра Льва Сапегу, які выступіў ініцыятарам і фундатарам будаўніцтва кляштара ў мястэчку Бяроза, але і паказаць захаваныя і адноўленыя фрагменты былога прыстанку манахаў ордэна картузіянцаў.

Ларыса ДЗМІТРАНІЦА, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры райвыканкама.



Назад ко всем новостям